ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.
Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).
А.А.Міцянін.
т. 6, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)